Мова — найвялікшае багацце
Родная беларуская мова — найвялікшае багацце беларусаў. Яна непадзельна звязана з духоўнай сутнасцю беларусаў, якія яе стварылі і карыстаюцца ёю.
Пераважна на грунце мовы, сродкамі мовы выяўляецца ўсё, што напрацавана народам за стагоддзі: гістарычная памяць, этнічная адметнасць, нацыянальная самасвядомасць, сваё светаўспрыманне, фальклор і мастацкая літаратура, багаты слоўнік, казкі і песні, алфавіт і пісьменства, буквар і энцыклапедыя — увесь духоўны скарб і душэўны лад народа.
Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт. 17), дзяржаўнымі мовамі ў нашай краіне з’яўляюцца беларуская і руская мовы.
Бедны той, хто, апрача грошай, апрача багацця, каторае пры першым няшчасці счэзне дазвання, не мае скарбаў вечных — скарбаў душы (Цётка).
Цётка (Алаіза Пашкевіч) называе любоў да Бацькаўшчыны, да свайго народа, да роднай мовы скарбам, які ніхто і ніколі не здолее адабраць.