Коска паміж аднароднымі членамі
У сказе аднародныя члены сказа могуць раздзяляцца і не раздзяляцца коскай. Коска ставіцца паміж аднароднымі членамі сказа, якія звязваюцца: без злучнікаў; пры дапамозе злучнікаў а, але, ды (ды ў значэнні але); пры дапамозе злучніка і, што паўтараецца пры аднародных членах сказа некалькі разоў.
- Без злучнікаў: Над полем, над жытам яшчэ жаўрукі спяваюць няўтомна, натхнёна (В. Жуковіч).
- Са злучнікамі а, але, ды (= але): Кот не мурлыча, а пяе казкі дзіўныя свае (Л. Кароткая). Ранкам мы ў грыбы пайшлі, ды нічога не знайшлі (Г. Аўласенка).
- З паўторным злучнікам і: У вырай праз туман густы ляцяць і птушкі, і лісты (Р. Барадулін).
Пры паўторным злучніку і коска ставіцца перад другім і, трэцім і і г. д. Схема: і ○, і ○.
Ходзіць дзед белабароды полем, лесам, пералескам (Я. Колас).
Аднародныя акалічнасці полем, лесам, пералескам адказваюць на адно пытанне (дзе?) і звязаны толькі інтанацыяй пералічэння, без злучнікаў, — паміж імі ставім коскі.