Што такое зваротак
Зваротак — гэта слова (ці спалучэнне слоў), што абазначае асобу ці прадмет, да якога звяртаюцца падчас маўлення: Прывітанне вам, суседзі! (Г. Аўласенка). Сябры мае малыя! Цяжкія мы прайшлі да вас дарогі баявыя (П. Глебка). Нам хораша ў нашай краіне. Жыві, Беларусь, прыгажэй! (Н. Галіноўская).
Зваротак звычайна выражаецца назоўнікам у назоўным склоне або спалучэннем слоў: Хай будзе светлы ваш узлёт да новых спраў, сябры (А. Грачанікаў). Шчасця мы, Радзіма дарагая, не шукаем за мяжой (М. Маляўка).
У маўленні зваротак вылучаецца голасам: пасля яго (а ў сярэдзіне сказа — і перад ім) робіцца паўза.
Вольга Пятроўна адкажа на пытанні вучняў. — Вольга Пятроўна, адкажыце на пытанні вучняў.
У першым сказе пра Вольгу Пятроўну расказваюць, у другім да яе звяртаюцца. Толькі ў другім сказе спалучэнне Вольга Пятроўна — зваротак: яго вымаўляюць з асобай інтанацыяй і аддзяляюць коскай.