Літара ў пасля галосных
Літара ў (у нескладовае) пішацца пасля галосных:
- у пачатку слоў: на ўзгорку, каля ўнівермага;
- у сярэдзіне слоў: заўтра, каўнер;
- у канцы слоў: сказаў, леў;
- пасля злучка і двукосся, калі папярэдняе слова заканчваецца на галосны: паўднёва-ўсходні, гучнае «ўра».
Нескладовы [ў] — кароткі гук, які не ўтварае склада: у слове заўтра два склады (заў-тра), бо асобнага склада гук [ў] не ўтварае.
Таццяна ўважліва разглядала кветкі… Ім бы расцвісці ў жніўні. Яны распанелі тут у ліпені. (Паводле Р. Баравіковай)
Таццяна ўважліва, расцвісці ў жніўні — перад у стаіць галосны, таму ў; у сярэдзіне слова жніўні таксама ў. Тут у ліпені — перад у зычны т, таму пішам у.