Лексіка і лексічнае значэнне слова
Усе словы мовы — гэта яе слоўнікавы склад, ці лексіка (з грэчаскай мовы лексіс — слова). Лексічнае значэнне — сэнс слова: мара — тое, што створана ўяўленнем, фантазіяй.
Словы, якія маюць адно лексічнае значэнне, называюцца адназначнымі: водар — прыемны пах, духмянасць. Словы, якія маюць некалькі лексічных значэнняў, называюцца мнагазначнымі: крыніца — 1) натуральны выхад падземных вод на паверхню зямлі; 2) тое, што дае пачатак чаму-небудзь; 3) пісьмовыя помнікі, дакументы.
Змест — гэта тое, што складае сутнасць чаго-небудзь. Даведнік — кніга, з якой можна даведацца пра нешта.
Каб растлумачыць лексічнае значэнне, называем істотныя прыметы прадмета, а не проста паўтараем слова. Так пабудаваны артыкулы тлумачальнага слоўніка.