Канкрэтныя назоўнікі
Усе агульныя назоўнікі падзяляюцца на канкрэтныя і абстрактныя.
Канкрэтныя назоўнікі — гэта назвы:
- адзінкавых прадметаў: аловак, палац;
- з’яў прыроды: дождж, гром;
- часавых адзінак: суткі, тыдзень;
- меры і вагі: метр, грам;
- дзеянняў: паход, падказка;
- людзей: вучаніца, студэнт;
- геаграфічных паняццяў: горад, рака;
- прадпрыемстваў: фабрыка, завод;
- твораў: аповесць, паэма.
Стукнула звонка ў шыбу пчала, ластаўка смутак крылом перакрэсліла, ліпа цвісці на двары пачала (П. Панчанка).
Пчала, ластаўка, крыло, ліпа — канкрэтныя назоўнікі: іх можна палічыць — дзве пчалы, дзве ластаўкі, два крылы, дзве ліпы.