Колькасныя лічэбнікі
У залежнасці ад значэння і граматычных прымет лічэбнікі падзяляюцца на колькасныя і парадкавыя. Колькасныя лічэбнікі абазначаюць лік або колькасць прадметаў і адказваюць на пытанне колькі?
Да колькасных лічэбнікаў адносяцца:
- лічэбнікі, якія абазначаюць цэлыя лікі: сем, дваццаць;
- дробавыя лічэбнікі (абазначаюць частку ад цэлага ліку або цэлы лік і яго частку): дзве пятыя, адна цэлая і пяць дзясятых;
- зборныя лічэбнікі (абазначаюць сукупнасць прадметаў): двое кацянят, шасцёра салдат.
Шэсць месяцаў; тры пятыя шляху; сямёра птушанят.
Шэсць — цэлы лік; тры пятыя — частка ад цэлага, дробавы; сямёра — сукупнасць, зборны. Усе тры адказваюць на пытанне колькі?