Азначальныя займеннікі
Да азначальных адносяцца займеннікі сам (сама, само, самі), самы (самая, самае, самыя), увесь (уся, усё, усе), усякі (усякая, усякае, усякія), усялякі (усялякая, усялякае, усялякія), кожны (кожная, кожнае, кожныя), любы́ (люба́я, любо́е, любы́я), іншы (іншая, іншае, іншыя).
Усе азначальныя займеннікі змяняюцца, як прыметнікі, па ліках, склонах і родах (у адзіночным ліку).
Як і прыметнікі, азначальныя займеннікі ўзгадняюцца з назоўнікам, да якога адносяцца, і ў сказе часцей за ўсё бываюць азначэннямі: кожны чалавек, усе жыхары, любыя заданні, іншая справа.
Само не гаворыць, ды ўсім адгукнецца, наш голас паўторыць, як мы, засмяецца (М. Пазнякоў).
Само — займеннік сам у ніякім родзе, адзіночным ліку, Н. склоне. Усім — займеннік усе ў Д. склоне множнага ліку. (Адгадка — рэха.)