Мэта і сфера выкарыстання
Публіцыстычны стыль выкарыстоўваецца, каб уздзейнічаць на думкі і пачуцці людзей, пераканаць у чым-небудзь. Яго сфера — газеты, часопісы, радыё- і тэлеперадачы, вусныя выступленні.
Штогод у першую нядзелю кастрычніка ўшаноўваюць настаўнікаў. Кажуць, што сапраўдны настаўнік — гэта чалавек ад Бога, а ўсе іншыя прафесіі — ад настаўніка. (Паводле І. Лубнеўскага)
Аўтар не толькі паведамляе пра свята, але і хоча, каб чытачы паважалі працу настаўніка, — уздзейнічае на іх думкі і пачуцці.
Дзень народнага адзінства
17 верасня ў Беларусі адзначаецца дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства. Гэта свята сімвалізуе нацыянальную, дзяржаўную і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі. <…> Нарэшце спраўдзілася мара беларусаў — жыць у адной дзяржаве. Наша адзінства — сапраўдная нацыянальная каштоўнасць, якую неабходна паважаць, берагчы і абараняць! (Паводле В. Ванінай)
Аўтар хоча пераканаць чытачоў, што адзінства народа трэба шанаваць. Для гэтага ён ужывае ацэначныя словы (сапраўдная каштоўнасць, спраўдзілася мара) і заклік у клічным сказе (неабходна паважаць, берагчы і абараняць!).