Службовыя часціны мовы
Да службовых часцін мовы адносяцца прыназоўнікі, злучнікі, часціцы. У адрозненне ад самастойных часцін мовы яны не называюць ні прадметаў, ні прымет, ні дзеянняў, ні колькасці і не маюць ярка выражанага лексічнага значэння.
Службовыя часціны мовы не змяняюцца і не бываюць асобна членамі сказа. Такія словы ўжываюцца ў сказе толькі разам з самастойнымі часцінамі мовы. У маўленні амаль кожнае чацвёртае або трэцяе слова ў тэксце — службовая часціна мовы.
Ад світання да змяркання працавітай грамадой пасабіць — адно жаданне, і за плугам, і з касой… (П. Броўка)
Самастойныя словы (світання, змяркання, грамадой, пасабіць, плугам, касой) называюць з’явы, прадметы, дзеянні. Службовыя (ад, да, і, за, з) толькі звязваюць іх.