Сказ і яго прыметы
Сказ — гэта асноўная адзінка сінтаксісу, сродак фарміравання, выражэння і паведамлення думкі, перадачы эмоцый і волевыяўлення.
Асноўнае прызначэнне сказа — паведамленне пра факты рэчаіснасці. Сказ характарызуецца інтанацыйнай і сэнсавай завершанасцю. Словы ў сказе звязаны не толькі па сэнсе і інтанацыйна, але і граматычна — з дапамогай канчаткаў, службовых часцін мовы, парадку слоў, паўз, якія на пісьме перадаюцца знакамі прыпынку.
Словазлучэнне толькі называе прадмет, дзеянне ці прымету (ясны дзень), а сказ паведамляе закончаную думку і вымаўляецца з інтанацыяй завершанасці (Дзень ясны.).
Святло ў сабе не патушы: дбай аб душы! (М. Пазнякоў)
Гэта сказ: думка закончаная, ён вымаўляецца з інтанацыяй пабуджэння, словы звязаны граматычна (дбай аб чым? — аб душы), а мяжу сказа на пісьме паказвае клічнік.