Прамы парадак слоў
Парадак слоў — гэта размяшчэнне членаў сказа ў моўным выказванні.
У беларускай мове кожны член сказа мае сваё пэўнае месца. Дзейнік звычайна ставіцца перад выказнікам, дапасаванае азначэнне — перад паяснёным словам, недапасаванае азначэнне — пасля паяснёнага слова, акалічнасць спосабу дзеяння — перад выказнікам, а іншыя акалічнасці і дапаўненне — пасля выказніка. Такі парадак слоў называецца прамым.
| Член сказа | Яго месца | Прыклад |
|---|---|---|
| дзейнік | перад выказнікам | Сонца ўзышло. |
| дапасаванае азначэнне | перад паяснёным словам | ясны дзень |
| недапасаванае азначэнне | пасля паяснёнага слова | дзяўчынка з чорнымі вачыма |
| акалічнасць спосабу дзеяння | перад выказнікам | ціха спаўзаў |
| дапаўненне, іншыя акалічнасці | пасля выказніка | выйшаў на ганак |
Сонца засланіла воблака. Лес асвятліў агеньчык.
У назоўніках сонца, воблака, лес, агеньчык формы Н. і В. склонаў супадаюць, і пры прамым парадку першы з іх успрымаецца як дзейнік. Таму здаецца, што сонца засланіла воблака. Правільна: Воблака засланіла сонца. Агеньчык асвятліў лес.