Назоўнікі і лічэбнікі
Працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам з нулявой звязкай ставіцца:
- калі дзейнік і выказнік выражаны назоўнікамі ў назоўным склоне: Юравічы — паселішча вельмі старажытнае (В. Вольскі);
- калі дзейнік і выказнік выражаны колькаснымі лічэбнікамі ў назоўным склоне ці адзін з іх выражаны назоўнікам, а другі — лічэбнікам у назоўным склоне: Тры і пяць — восем. Плошча поля — два гектары.
Працяжнік стаіць на месцы прапушчанай звязкі; пры чытанні на ім робіцца паўза: голас павышаецца ў першай частцы сказа і паніжаецца ў другой.
Сымон Будны — наступнік Скарыны ў справе друкавання кніг і пашырэння асветы сярод народных мас (В. Вольскі).
Сымон Будны — дзейнік, наступнік — выказнік; абодва — назоўнікі ў назоўным склоне, звязка нулявая. Таму працяжнік.