Дапаўненне
Дапаўненне — даданы член сказа, які абазначае прадмет і адказвае на пытанні ўскосных склонаў.
Дапаўненні звычайна залежаць ад членаў сказа, якія выражаны дзеясловамі, дзеепрыметнікамі, дзеепрыслоўямі: сябрую (з кім?) з аднакласніцай, прачытаная (кім?) аднакласніцай, спяваючы (з кім?) з аднакласніцай.
Дапаўненні могуць таксама залежаць ад членаў сказа, выражаных назоўнікамі і прыметнікамі.
Чытанне кніг карыснае ўсім. Мы былі гатовы да ад’езду.
Чытанне (чаго?) кніг — дапаўненне залежыць ад назоўніка; гатовы (да чаго?) да ад’езду — ад прыметніка.