Акалічнасць
Акалічнасць — гэта даданы член сказа, які абазначае месца, час, прычыну, мэту, умову, спосаб дзеяння і адказвае на пытанні дзе? куды? адкуль? калі? чаму? для чаго? як? і інш.
Ноччу, цёмнай, восеньскай, дождж халодны ліў (П. Броўка). Цячэ Прыпяць шырока, велічна (В. Вольскі).
Ліў (калі?) ноччу — акалічнасць часу. Цячэ (як?) шырока, велічна — акалічнасці спосабу дзеяння.
Акалічнасць звычайна паясняе дзеяслоў-выказнік і спалучаецца з ім спосабам прымыкання або кіравання: Лес шумеў ціха — шумеў (як?) ціха (прымыканне). Буслы збіраліся ў вырай — збіраліся (куды?) у вырай (кіраванне). Калі акалічнасць звязана з выказнікам спосабам кіравання, то яна можа мець дадатковае значэнне дапаўнення: Над возерам праляцелі дзікія качкі.