Адзін галоўны член
Сказы, граматычная аснова якіх складаецца з аднаго галоўнага члена, называюцца аднасаста́ўнымі.
У двухсастаўным сказе граматычная аснова складаецца з дзейніка і выказніка. У аднасастаўным ёсць або толькі дзейнік, або толькі выказнік.
Люблю хадзіць па асеннім лесе. — Я люблю хадзіць па асеннім лесе.
У першым сказе граматычная аснова — толькі выказнік люблю хадзіць, сказ аднасастаўны. У другім ёсць дзейнік я і выказнік люблю хадзіць — сказ двухсастаўны.
Прынеслі ў кошыку грыбы. — Дзеці прынеслі ў кошыку грыбы.
Сэнс сказаў блізкі, але ў першым няма дзейніка: важна само дзеянне, а не тое, хто яго выканаў.