Што такое няпоўны сказ
У гутарковым маўленні часта выкарыстоўваюцца няпоўныя сказы.
Няпоўнымі называюцца сказы, у якіх прапушчаны адзін або некалькі членаў сказа (галоўны ці даданы), якія лёгка ўзнаўляюцца з кантэксту ці сітуацыі маўлення: Спяшаецца ў далёкі рэйс пілот, прараб — на будаўнічую пляцоўку (С. Грахоўскі). На даляглядзе сінім туманы і дажджы (І. Капыловіч).
У першым сказе ў другой частцы прапушчаны выказнік спяшаецца, у другім — выказнік, які лёгка ўявіць па сэнсе. Сэнс сказаў пры гэтым не губляецца.
— Ты ўрокі зрабіла?
— Зрабіла. А ты?
— Яшчэ не ўсе.
Параўнайце з поўнымі рэплікамі: Я ўрокі зрабіла. А ты ўрокі зрабіла? Яшчэ не ўсе ўрокі зрабіла. У рэпліцы Зрабіла прапушчаны дзейнік я і дапаўненне ўрокі, у рэпліцы А ты? — выказнік і дапаўненне, у рэпліцы Яшчэ не ўсе — дзейнік, выказнік і дапаўненне. Дыялог з няпоўнымі сказамі больш жывы і дынамічны.