Ускладнены сказ
Ускладненымі называюцца простыя сказы, якія змяшчаюць дадатковае паведамленне аб прадметах і фактах рэчаіснасці.
Просты сказ можа быць ускладнены аднароднымі членамі, адасобленымі даданымі членамі, параўнальнымі зваротамі, якія з’яўляюцца членамі сказа, а таксама словамі, якія не з’яўляюцца членамі сказа, — звароткамі, пабочнымі і ўстаўнымі словамі, словазлучэннямі і сказамі:
- аднародныя члены: Ціхі вецер вее і траву варушыць (А. Астрэйка);
- адасоблены член: Апранае луг сарочку, шоўкам вышытую ў кветкі (М. Хведаровіч);
- параўнальны зварот: Асеннія сады, як вогнішчы, палаюць (П. Панчанка);
- звароткі: Дзень добры, скульптар, як жывеш, дружа? (А. Звонак);
- пабочнае слова: Сапраўды, у лесе было вельмі хораша (Я. Колас);
- устаўная канструкцыя: Шчасце здабудуць сабе назаўсёды — гордасць і слава зямлі нашай — простыя людзі (А. Куляшоў).