Аднародныя азначэнні
Дапасаваныя азначэнні, звязаныя паміж сабой толькі інтанацыяй, могуць быць аднародныя і неаднародныя.
Аднародныя азначэнні аднолькава адносяцца да паяснёнага слова. У такім выпадку яны вымаўляюцца з інтанацыяй пералічэння і паміж імі можна паставіць злучнік і. На пісьме яны раздзяляюцца коскай.
Перад сялом цягнуўся роўны, прасторны выган (Я. Колас).
Параўн.: Перад сялом цягнуўся роўны і прасторны выган.
Выган (які?) роўны, (які?) прасторны — абодва азначэнні непасрэдна паясняюць слова выган, паміж імі можна ўставіць і. Значыць, яны аднародныя, і паміж імі ставіцца коска.
Аднародныя азначэнні часцей выражаюцца якаснымі прыметнікамі: Расцвіў прыгожы, буйны сад (П. Броўка).