Дапасаваныя і недапасаваныя
Адрозніваюць адасобленыя дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні.
Адасобленыя дапасаваныя азначэнні выражаюцца адзіночнымі прыметнікамі ці дзеепрыметнікамі, а таксама прыметнікавымі і дзеепрыметнікавымі зваротамі. Яны могуць стаяць перад назоўнікам, які паясняюць, або пасля яго: Пакрытыя тоўстым пластом снегу, галіны дрэў гнуліся да самай зямлі (Я. Колас). Над зялёным лугам, усыпаным рознымі кветкамі, гулі пчолы (А. Якімовіч).
Адасобленыя недапасаваныя азначэнні часцей выражаюцца назоўнікамі ва ўскосных склонах або спалучэннем назоўнікаў і колькасных лічэбнікаў. Яны таксама могуць стаяць перад паяснёным назоўнікам або пасля яго: Без шапкі, у адной гімнасцёрцы, Васіль з усяе сілы працаваў вёсламі (І. Шамякін). Жанчына, гадоў на сорак пяць, прыязна паглядзела на сустрэчнага (П. Пестрак).
Стаяла вясна, дружная, цёплая, з дажджамі і навальніцамі (А. Асіпенка).
Дружная, цёплая — дапасаваныя азначэнні (прыметнікі ўзгадняюцца з назоўнікам вясна ў родзе, ліку і склоне). З дажджамі і навальніцамі — недапасаванае азначэнне (назоўнікі ў творным склоне з прыназоўнікам).