Што такое складаназалежны сказ
Складаназалежны сказ — гэта сказ, у якім адна з граматычных частак падпарадкоўваецца другой і звязваецца з ёй пры дапамозе падпарадкавальнага злучніка ці злучальнага слова.
У складзе складаназалежнага сказа вылучаюць галоўную (сінтаксічна незалежную) і даданую (залежную) часткі. Даданая частка можа паясняць у галоўнай слова, словазлучэнне або адносіцца да ўсёй галоўнай часткі.
Ад галоўнай часткі да даданай ставіцца пытанне. У схеме галоўная частка абазначаецца квадратнымі дужкамі [ ], даданая — круглымі ( ), у дужках пішацца сродак сувязі.
Раману неабходна было затрымацца яшчэ на некалькі дзён (з якой мэтай?), каб падтрымаць сястру і брата.
Галоўная частка — Раману неабходна было затрымацца…; даданая — каб падтрымаць сястру і брата. Схема: [ ], (каб…).