Коска паміж часткамі
У бяззлучнікавых складаных сказах звычайна адна частка аддзяляецца ад другой коскай або кропкай з коскай.
Коскай раздзяляюцца раўназначныя, аднатыпныя часткі бяззлучнікавага складанага сказа, у якіх паведамляецца пра падзеі і з’явы, што адбываюцца адначасова або паслядоўна.
Такія часткі вымаўляюцца з інтанацыяй пералічэння. Схема: [ ], [ ], [ ].
Пасля адлігі закруціў мароз, ударыла ў сцены завіруха, шыпшыннік за маім акном аброс празрыстым, лёгкім лебядзіным пухам (С. Грахоўскі).
Тры часткі (мароз закруціў; завіруха ўдарыла; шыпшыннік аброс) называюць падзеі, якія ідуць адна за адной, — паміж імі коскі.
На зямлю сырую ціха ночка па́ла, бляскам-дрыгаценнем зорка замігала (Я. Колас).
Дзве раўназначныя карціны вечара — коска.