Знакі на мяжы частак
У складаных сказах з рознымі відамі сувязі на мяжы логіка-структурных частак ставяцца такія ж знакі прыпынку, што і ў складаназлучаных, складаназалежных і бяззлучнікавых складаных сказах: коска, кропка з коскай, працяжнік, двукроп’е.
Нагадаем: складаны сказ з рознымі відамі сувязі частак складаецца з трох і больш частак, звязаных злучальнай, падпарадкавальнай і бяззлучнікавай сувяззю. Часткі аб’ядноўваюцца ў сэнсавыя (логіка-структурныя) часткі — блокі. Сродкі сувязі — інтанацыя, злучальныя і падпарадкавальныя злучнікі (злучальныя словы).
Безліч выпадкаў і ўспамінаў хваляй нахлынуць, палоняць душу — і здаецца: зноў ты вярнуўся ў той край, дзе пачатак жыцця і пачуцця святога — радзіма (І. Гурскі).
Коска — паміж бяззлучнікавымі часткамі нахлынуць, палоняць; працяжнік перад і — на мяжы логіка-структурных частак; двукроп’е — далей ідзе тлумачэнне; коска перад дзе аддзяляе даданую частку.