Маналог
Маналог (ад грэч. monos — ‘адзін’, logos — ‘мова’, ‘маўленне’) — гэта выказванне, звернутае да самога сябе або да іншай асобы, якое не разлічана на адказ, на моўную рэакцыю іншых.
Мовазнавец А. Я. Міхневіч называе маналог адзіным, ні з кім не падзеленым словам, а дыялог — падзеленым словам, узаемным маўленнем. Па-нямецку маналог — Selbstgespräch (‘самаразмова’), дыялог — Zweigespräch (‘двухразмова’).
Нават вялікі маналог усё роўна прызначаны для каго-небудзь: ён звернуты да слухача ці чытача, хай сабе і аддаленага ў прасторы ці часе. Таму ў маналогу ёсць сродкі адрасаванасці: звароты да слухачоў, словы давайце, вы, мы, пытанні да аўдыторыі.
Як бачыце, у нашай беларускай зямлі надзвычай багатая гісторыя. Давайце не будзем стамляцца вывучаць яе. Давайце ўсе разам і кожны паасобку навучымся ганарыцца тым, што мы — беларусы.
Гаворыць адзін аўтар, адказу ён не чакае — гэта маналог. Але ён звернуты да чытачоў: як бачыце, давайце, мы — сродкі адрасаванасці.